Home

Advertisement

Сны Трабалібот

  • Nov. 25th, 2009 at 11:54 AM

Сьнілася мне, што я выйшла замуж за 20-гадовага хлопца. Самой мне хутчэй пад сорак, чым за трыццаць. І, маўляў, я з тым малым пераяжджаю жыць у Беларусь. Пераязджаем мы на дрызіне, едзем ад Варшавы да Седльцаў, чыгунка ў нізіне. Мы з маім салапетам-мужам ляжым на пярыне паверх пажыткаў і разглядаем навакольле.
Паабапал чыгункі па ўзвышэньні пасьвіцца статак плямістых аленяў, проста перад маім носам. “Ах!Ох!” – захапляюся я.
А салапет і кажа: “Знайшла кім захапляцца. Паглядзі, яны бусла даядаюць”.

І я бачу, як да нас па полі бяжыць скрываўлены бяскрылы бусел у кірзавых ботах, а алені даядаюць ягонае адарванае крыльле.
- Зьлезь, -кажу, - з дрызіны і скруці яму шыю. Мужчына ты ці хто?
- Можа, лепей адратаваць?
-Я не хачу клопату на сваю галаву, а ён ня зможа жыць бяз крыльля, - адказваю.

Хлопец саскоквае, падхоплівае бусла, які дабег да нас і кварк! – скручвае буслу шыю.

А я ад’яжджаю на пярыне ў дрызіне далёка-далёка.

У жыцьці я не выходжу замуж і не шантажую мужчын мужчынскасьцю. У жыцьці я б пастаралася перавязаць бусла. Але ўсё гэта хлусьня, накінутая мне цывілізацыяй. Насамсправе я б спала толькі з маладымі хлапчукамі, шантажавала б усіх направа-налева і скручвала шыі тым, хто і так ня выжыве.

Адзіная праўда – што цяпер я еду на дрызіне, у пярыне далёка-далёка. І хай паабапал алені ядуць буслоў.

Мой сын.

  • Nov. 14th, 2009 at 5:41 PM

Я мыла падлогу і з абурэньнем думала пра аднаго знаёмца.
- Істэроідны тып! - закрычала я раптам.

І мой сын адгукнуўся са спальні:

- Mama, nie mysl tyle! Od myslenia nic dobrego!

Божа, як я рагатала!

- Фелікс, я цябе абажаю!

- Czy ty nie jestes troche zastara i zbyt moja matka jak na mojego fana?

У нашым горадзе распродаж апошняга лісьця. Мароз пабіў яго, і скідкі проста шалёныя. Пад нагамі валяюцца вялікія лапы пародных дрэваў, і нават акацыя насыпала свае дробнае сволачы ў тры карцы. Я падбіваю лістаўё,  яно падлятае аж па калена, а сонца сядзіць нізка і коса, а лапы мясцовых падубаў цягнуцца да яго благальна. 
Я вярнулася дамоў па нешта забытае. Як няправільна, што чалавек мусіць выходзіць на працу ў такі дзень. Правільна і прыгожа было б сядзець дома і высоўвацца ва ўсе вокны, якія ў мяне выходзяць на ўсе бакі сьвету. 
Як бы мне вызваліцца? зусім вызваліцца. Жыць уночы і ісьці спаць, калі "robotnicy wstana".

"Што вы, горы, скачаце, нібы авечкі, а вы, пагоркі, нібы ягняты?" 

Чысьціня ў жэсьце

  • Oct. 26th, 2009 at 12:09 PM

32-гадовы брытанскі пілёт Робэрт Мансэл загінуў, калі ягоны самалёт упаў у Карыбскае мора. Ён здолеў прывадніць самалёт так, каб усе 9 пасажыраў маглі пакінуць машыну. У выратальвальных камізэльках яны ўсе дачакаліся дапамогі. ”Гэта быў добры пілёт, і , як аказалася, герой”, - паведамілі ВВС ў кампаніі Divi Divi Air, для якой ён працаваў.

Як я ўяўляю, Робэрт пасадзіў машыну дзюбкай, а хвост задраўся. Пасажыры былі ў корпусе і хвасьце, сам Робэрт апынуўся ў дзюбцы.

На сайце ВВС ёсьць запіс ягоных перамоваў з дыспэтчэрам.

Няма чаго й казаць, што я ў захапленьні ад Робэрта Мансэла. А паколькі я ў захапленьні таксама ад Рэд'ярда і Джэка Кіплінгаў, дык і памінаю гэтых трох мужчын.

"HAVE you news of my boy Jack? "
Not this tide.
"When d'you think that he'll come back?"
Not with this wind blowing, and this tide.

"Has any one else had word of him?"
Not this tide.
For what is sunk will hardly swim,
Not with this wind blowing, and this tide.

"Oh, dear, what comfort can I find?"
None this tide,
Nor any tide,
Except he did not shame his kind---
Not even with that wind blowing, and that tide.

Then hold your head up all the more,
This tide,
And every tide;
Because he was the son you bore,
And gave to that wind blowing and that tide.

 

Шчасьлівая паскудніца

  • Oct. 24th, 2009 at 12:20 PM

Як толькі ў хаце заканчваюцца грошы, апазіцыя абвяшчае вайну.
Сёньня зласьліва скончыліся:
- цёмны мёд для гарбаты
- сталовае віно
- малачко для твару
- вадкасьць для падлогі
- марожанкі з гародніны
- зубная паста “Мэрыдол” – адзіна магчымая, боская
- пудра
- гігіенічная памада і такія ж пракладкі.

Заявілі пра сябе хэлоўінавыя касьцюмы – нявесты Франкенштайна для мяне і Фосфарнага шкілета для ФДМ.

(Прычым па касьцюм нявесты я адпраўлюся ў Глыбокую Прагу – там ёсьць салён для нявест трэцяй сьвежасьці, дзе ў вокнах вісяць шэрыя і бэжавыя ад пылу сукенкі з дэдэрона. А праз вуліцу - для раўнавагі інь і янь - крама Мілітарыя,  дзе я куплю берцы і падвясны нож). 

Але я абдурыла дробязную сваю апазіцыю, я падавіла іхны жалісны страйк. Паехала на трамвайчыку ў Ніжні Макотаў і забрала ганарары.

Грэцкая бочачка з кранікам заняла сваё месца па падваконьні. А я перачытала гэты допіс і пераканалася, што відавочна шалею ад тлушчу й шчасьця, пакуль Бацькаўшчына грызе бульбу і лашчыцца да ботаў.

 

Oct. 23rd, 2009

  • 10:04 AM

1. Матылёк у вітрыне шаўца. Б’ецца аб шкло. Аб 11 трэ’ вярнуцца, калі прыйдзе шавец пан Скарбонька, і папрасіць выпусьціць матылька. Хай загіне ў кастрычніцкай золі, а не таўчэцца сярод калодак і абцасаў. Матылькі жывуць 3-10 дзён. Не праводзіць жа ўсяго жыцьця ў шкляной скрыні сярод ужыванага абутку?

 

2. Прабегла настаўнічка-фейка-папырхушка ў ружовых туфельках, учора туфелькі былі белыя. Яна вечна позьніцца, бяжыць малымі ножкамі па сьлізкім лісьці.  Што на гэта строгая прыгожая бляндынка, дырэктарка школы № 221?

 

3. У гэтай крамцы я павінна купіць каляровыя шкарпэты – я магла б выцягнуць паласатыя яркія ногі пад сталом, гэтая трохі зьмякчыла б лёс офіснага работніка, які бавіць жыцьцё ў шкляной каробцы сярод паперак.

 

4. У гэтай кнігарні купіць кнігу па этыкеце, каб не рабіць дурных памылак у сусьветах іншых людзей. Яшчэ купіць тую вунь кнігу пра ксяндза Юр’я Папялушку – выключна з-за вачэй разумнага чалавека, які бачыць, што вымушаны будзе стаць пакутнікам. Частае загляданьне ў такія вочы можа быць карыснае.

 

5. Купіць абутак на сярэднім абцасе толькі фірмы Баця – боты баця высакародна выглядаюць і глуха стукаюць пры танцы, як малы афрыканскі бубен.

 

6. Купіць італьянскі кароткі, нібы падстрэлены, палітон – глухога чорнага колеру з чарнёнымі срэбнымі гузікамі. Такі палітон з яркім шалікам да носа надае значнасці  твару сярэдняй пакамечанасці.

 

Мэтро, офіс. Канец на сёньня.


Ён прыйшоў і пайшоў, а мне было вінавата, што я не паміраю. Вось так памрэш, і нага застыне, як ківач, - падумала я, боўтаючы нагамі на высокім барным зэдліку ў кухні. Перачытаю-тка я 10 запаветаў, можа спатрэбіцца на тым сьвеце. 

Я пагугліла "дзесяць запаветаў". Вываліўся праект Нашай Нівы пра 10 запаветаў праграмэра, мастака, блогера і да тэпэ. Давялося схадзіць у пакой па малітоўнік. 

Дык вось, для тых, хто захоча знайсьці "дзесяць запаветаў", проста дзесяць запаветаў, і для пастуха, і для зоркі, запаветы, як іх даў Хрыстос - 33-гадовы сьведка і ўдзельнік (а ўзяў максымальна магчымы ўдзел і ведае, пра што гаворыць):

"Я - Бог твой, які вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі. 

1. Ня май іншых Багоў, апрача Мяне. (Згода)
2. Не ўжывай дарэмна імя Майго. (Згода
3. Памятай дзень сьвяты сьвяткаваць. (Згода)
4. Шануй бацьку свайго і маці сваю. (Згода)
5. Не забівай. ( Згода)
6. Не чужалож (каму належыць ложа чалавека, апрача яго самога?)
7. Не крадзі (Згода)
8. Не крывасьведчы (Згода)
9. Не пажадай жонкі бліжняга свайго ( чалавек ня муж, ня жонка, а індывідуальна скроеная асоба, якую варта любіць і жадаць).
10. Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму. (Трактоўка: "Мужик в этом возрасте знает достаточно о судьбе, чтоб приписать за твой счет что-то еще себе" . Згода)

Я пастанавіла не афармляць свае адносіны з Госпадам у храме, бо ў кантракце два пункты зь дзесяці не супадаюць, адзін патрабуе трактоўкі, а ёсьць ад мяне пункт адзінаццаты: пастарайся ні на кога не наступіць. Мы будзем жыць free love. 

P.S. Думаю, што мой госьць сапраўды неўзабаве памрэ. Такі зжаўцелы, маркотны, змарнелы, з такой пячаткаю на твары. Я гэтую пячатку бачыла ўжо. Дай, Божа, памыліцца, ён жа зусім малады. 

P.P.S. І прабач мне, што я крала цукеркі і хавала фаньцікі ў фатэлях. 

P.P.P.S І захавай сусьветы ўсіх, хто памёр і памрэ. 


R.I.P Настуля

  • Oct. 17th, 2009 at 9:17 AM

Ты была такой, якой я хацела б быць. Я складаюся, баба, зь цябе, як агурок з вады.   

 

Было іх трое, двое цягнулі пад рукі, трэці пхаў у плечы. Здагналі і пацягнулі ў пекла. І я пачала чытаць "Ойча наш", каб выпусьцілі. Ад страху і стрэсу дачытвала толькі да "хлеб наш штодзённы". Далей памяць урывала беларускі тэкст і падсоўвала "даждзь нам днесь", а потым увогуле выключалася. Парваная малітва не спрацавала.
чым далей, тым удалей )далей-удалей )

Новые стансы к Августе

  • Aug. 31st, 2009 at 10:45 AM

Во вторник начался сентябрь.
Дождь лил всю ночь.
Все птицы улетели прочь.
Лишь я так одинок и храбр,
что даже не смотрел им вслед.
Пустынный небосвод разрушен,
дождь стягивает просвет.
Мне юг не нужен.

У горадзе школы расійскія, у вёсцы – беларускія.

Нізкі прэстыж жыцця ў вёсцы адмоўна ўплывае на прэстыж беларускай мовы. Адбываецца ўзаемная стыгматызацыя мовы і вёскі.

У свой час Т. скончыла беларускую вясковую школу і падалася на расейскую філялёгію, каб скінуць зь сябе "асьліную скуру вёскі і мовы". У яе атрымалася. Аднак праз пару гадоў Т. высьветліла, што то была ня скура, а сама душа, і выкінуўшы яе, страчваеш у жыцьці й сьмерці самы смак.

Т. вярнулася, падняла з дарогі сваю душу і зноў жыве прыпяваючы. І выказвае падзяку беларускай школе, скуры, мове, душы, стыгматам.

Русафобскія міязмы

  • Aug. 28th, 2009 at 1:26 PM

Я мяркую, што ў Расеі справы былі б не такія безнадзейныя, каб яны не абіралі ідэолягамі людзей з прозьвішчамі Суслаў ці Суркоў. Хай будзе Львоў, Арлоў ці нават Ястржэмбскі. Ідэоляг Вазьнясенскі было б асабліва цікава.

А то ўзнясуць шэраньку зьвярушку на ідэоляга, яна й натворыць дзялоў, што сьвет дзівуецца.

сястра

  • Aug. 21st, 2009 at 7:34 PM

Адна з маіх стрыечніц уся з галавы да ног сыйшла ў Царкву. А я толькі-толькі зьбегла з Касьцёла. Сядзім, размаўляем пра дзетак.
- Як ты выхоўваеш сына? У яго ўвогуле няма табу.
- Няма. Я яму адно гавару: сам не пакалечся і іншых не пакалеч. Каб думаў у гэтым кірунку, астатняе навінецца.
- Добра што нашыя дзеці крэўныя і не пабяруцца, бо я сваю выхоўваю ня так. Цьвёрдыя асновы ў дзіцяці павінны быць пад нагамі. А то патоне ў гэтым сьвеце.
- Дык нашы й так не пабяруцца. Вы самі рэлігійныя, а мы не.
- Няўжо ты ў Бога ня верыш?
- Ды ня веру я. Я яго адчуваю, а гэта цалкам іншае. Ня веру я акурат у несьмяротнасьць. І ўвогуле, дзе твая мама падзела "Сярэбраную табакерку" Зьмітрака Бядулі?
- Сама не знайду ані Зуёнкаўскага "Цмока" ані "Срэбнай табакеркі". А памятаеш, мы думалі, што цмок - гэта гук, калі цалуюцца?

Сястра - правалаўная ці левалаўная, ці падлаўная, але гэта сястра.

Гэтую гісторыю я вычытала зь местачковай газэты “Голас Плімута”. Джош Чэпл, 6-гадовы хлопчык з фэрмы Wall Over Barton, 13 жніўня прачнуўся а дзясятай і проста ў піжаме пабег у сад шукаць курыныя яйкі. Адно зь іх, чорнае ў срэбных іскрах, апынулася мэтэарытам. Сара, маці Джоша, праверыла яго па інтэрнэт-апазнавальніку мэтэарытаў. Яйка было “цмочае”. Паходзіла з Дажджа Пэрсэідаў – гэта мэтэорны дождж, якая паўтараецца 10 жніўня, на дзень сьвятога Ваўжынца. Дождж называюць Сьлёзы сьв. Ваўжынца. Гэтую зьяву чалавекцтва назірае больш за 2 тыс. гадоў. А па-навуковаму, Пэрсэіды – гэта драбінкі матэрыі з каметы Swift-Tuttle, якія згараюць у зямной атмасфэры.

Старадаўнія людзі нашых земляў лічылі гарачыя нябёсныя камяні “цмочым яйкам”, і нават спрабавалі вывесьці цмочка, прымушаючы курэй выседжваць яго. Верылі, што падрослы цмок будзе насіць гаспадару золата.

Ёсьць яшчэ спосабы здабыць золата.

Дзьве кухаркі, Сів Вік і Гарыэт Свэнсан знайшлі залатую жылу непадалёк ад сваёй вёскі ля Авэтурынгена. Сяброўкі доўгія гады збіралі ў родных лясах чарніцы, маліны, ажыны, буякі, брусьніцы і марошкі на продаж. Аднак сапраўднай жарсьцю для іх была геалёгія: жанчыны не выходзілі з хаты без малатка і лупы. Ва ўрочышчы Саркулен, панаракаўшы на марны ўраджай ягад, яны пачалі калупацца ў зямлі. Больш за 6 гадзінаў сяброўкі капаліся, як землярыйкі. Калі перад імі зьявіўся камень з залатой іскраю, яны выклікалі на "месца здарэння" адмыслоўца Геалагічнага нагляду Швецыі. Так знайшлося самае багатае радовішча золата ў Эўропе, а Сіў і Гарыэт пабагацелі на 20 млн. эўра.

На колькі пабагацела б зьбіральніца ягад з-пад Ганцавіч, якая б знайшла радовішча? На 500 тыс. рублёў прэміі ад райвыканкама. Магчыма, на лядоўню "Атлянт".



Cів і Гарыэт



Дзіцёнак Джош



Пэрсэіды

Я заўсёды найбольш давярала дзіцячым казкам. Асабліва братам Грым і Андэрсэну, у іх дакладна вытрыманыя прапорцыі будзённага, змрочнага і чароўнага.

Мне зрабілі польскі рот

  • Aug. 19th, 2009 at 9:06 PM

Мой дэнтыст, зяленавокі доктар Міхал Стрэлка, зрабіў мне сёньня новыя "адзінкі", але такія доўгія, што ў мяне зьнік беларускі акцэнт і зьявіўся польскі, гукі чапляюцца за зубы і шыпяць-сьвісьцяць. Зубы доўгія, як сталяктыты і сталягміты, я не магу есьці, я шапяляю, але падпіліць не дала. Пахаджу так да серады - як жа файна мець доўгія, конскія, трусячыя, нутрыевыя пярэднія зубы, твар зусім зьмяніўся, адчуваньні ўнутраныя памяняліся. І я такім простым спосабам дамаглася таго, чаго марна прагнула ўсе гэтыя гады - пажыць у іншай асобе. Колькі ж можна быць кабецінай з такім імём, носам і вуснамі, з такім жыватом, сьпінай і валасамі? З тымі самымі пальцамі ног і рук, форму якіх ведаеш напамяць? Твае "члены" не зьмяняюцца, а калі зьмяняюцца, дык на горшае. І вось я маю ангельскі даўгазубы рот, і магу файна высьвістаць гук th, і наноў вывучыла, дзе мае альвэолы, і як па-харошаму вымаўляюцца шыпяча-сьвісьцячы "сьсьсьсіне-зьззьзялёныя водарасьсьсьсці".

Ёсьць нештачка...

  • Aug. 15th, 2009 at 10:53 PM

...і для людзей замкнёных, самотных і жарсных, як джын у плясцы. Толькі трэба прайсьці сьвет, як макаў цьвет, каб гэта адшукаць. І таму я беражліва хаваю тое, што знайшла. Апошняя знаходка - Michal Lorenc, стрэты на саўндрэку да фільма "Wino truskawkowe" паводле Анджэя Стасюка.

А вось таксама патрэбнае.

Надо посуду вымыть, а тянет разбить.
Это отчаянье, Господи, а не лень.
Как это тяжко, Господи, век любить,
Каждое утро, Господи, каждый день.

Был сквозь окно замерзшее виден рай,
Тусклым моченым яблоком манила зима.
как я тогда просила: Господи, дай!
- На, - отвечает, - но будешь нести сама.

Кажуць, яе звали Хаткіна, кажуць, яшчэ Камбала, і што днямі яна памерла.

...пэнсіі штомесяц, пасяліць яго з чадамі і дамачадцамі, наложніцамі і дзятвой у вялізным палацы і выконваць кожны іхны капрыз. Умова адна: каб ніколі нічога не рабілі. Гэта была б такая эканомія сродкаў для Беларусі. Перастала б паступаць атрута ў яе арганізм, а 24 млн даляраў - такая дробязь... Можна і 240 даць, абы не чапалі нічога. Ей жаж Богу.

Гэта савецкія зомбі, іх бальзамуюць, пакрываюць лакам і саджаюць у шэрагі ў авальнай залі. Вольга Абрамава жаліцца: "Раней жа даводзілася ісці на пэўныя ахвяры, каб выглядаць у вачах калег сур’ёзна. Вольга Абрамава распавяла, што яна была вымушана насіць абрыдлую ёй прычоску:

Вольга Абрамава: “Каб зменшыць непрыязь да мяне асабіста, ў першай Палаце прадстаўнікоў я была вымушана насіць такую прычоску “халу” . Гэта, дарэчы, такі кругленькі начосік, які я цярпець не магла ўсе гады”.

У тым складзе парламента большасць жанчын мела партыйнае мінулае, таму лічылася, што менавіта такі “наменклатурны”, “савецкі” стыль у выглядзе найбольш падыходзіць для дэпутацкай працы".

Пры такім узроўні несвабоды жывыя людзі не выжываюць, іх плюшчыць, як камбалу. Таму і патрэбныя выкапаныя з трун нябожчыкі з павыйманымі мазгамі і трыбухою.

Дзіма 1:1 падобны да чарцей, як іх малюе Валер Славук.




Дзіма - у левым куце на энэргічным парсюку. А вось і верш ягоны:

давай собирать слова и строить дом
возьмем разговора ковер тарабарский
узорочье речи
дикарский могучий глагол
гул-гомон имен, весь гагачий
весь галочий, птичий базар человечий

уйдем с головою в окно слуховое
выю выгнем
ухо выгоним в сад
в чирк и щебет сокровищ ярчайших
в гвалт и цвирк сладкогласных вещей
в громыханье и цокот, в техканье и сопенье
шаек, лампочек, розог, фуфаек
карамелей, циновок, жаровен, вагонов, колец
да поди всех привадь, приручи, обвенчай, пожени
дай из блюдца умыться водой
перед книгой стоять молодой

власогласый орет букварь на цветущих корнях велимира
кристаллический щеголь к нему говорит, мигочей
имяходцы они, неботроги они, храмодеи
реченосцы они на голодных тетрадных полях

черно-белая книга шумит
черноплодная книга горит
белогривая книга говорит

что за птицы, за птицы в винограднике ближнем клюют и поют
сад так чудно устроен, как флейта, он полон ветвями и пуст
каждый куст обитаем, огромен-укромен, исполнен и ягод, и птиц
есть гнезда, есть гроздья – здесь комнат не вьют
твой труд неуместен, строитель
здесь птицы темницы не строят, но даром клюют и поют

мы на свадьбу призвали слова, из красивых камней
мы нестрогую книгу сложили, отвесную реку
вниз по камешкам мчится нестройных речей борода
дом, как дым, не стоит – он, как сон заоконный, теснится
в нем строитель бездомный перед садом бездонным молчит

Profile

[info]trabalibot
Trabalibot

Latest Month

November 2009
S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930     

Syndicate

RSS Atom
Powered by LiveJournal.com
Designed by Emile Ong